Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Выкарыстанне элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо на ўроках беларускай мовы ў 5 класах.

Анатацыя

У рабоце апісваецца вопыт выкарыстання у педагагічнай дзейнасці тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. Пазнаёміўшыся з тэхналогіяй развіцця крытычнага мыслення, я ўпэўнілася, што гэта адна з сучасных тэхналогій, здольная рашаць задачы сучаснай адукацыі. Атрыманыя веды дазволілі мне перагледзець метады і прыёмы работы на ўроках беларускай мовы і зразумець, што менавіта тэхналогія развіцця крытычнага мыслення дапаможа мне падрыхтаваць навучэнцаў да выпускных экзаменаў, навучыць дзяцей працаваць з рознымі тэкстамі, арыентавацца ў вялікай плыні інфармацыі.

Крытычнае мысленне – гэта спосаб мысліць крытычна, найвышэйшая арганізацыя мысліцельных функцый, якая заключаецца ў аналізе, сінтэзе, супастаўленні інфармацыі, знаходжанні прычынна-выніковых сувязей, уменні рабіць асабістыя вывады.

З матэрыялам работы можна пазнаеміцца на сайце установы адукацыі:sch5.krichev.edu.by

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Інфармацыйны блок

1.1.         Назва тэмы вопыту

“Выкарыстанне элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо на ўроках беларускай мовы ў 5 класе”

1.2.         Актуальнасць вопыту

Апошнія гады ўнеслі ў гісторыю адукацыі свае змены. Назіраючы за сваімі навучэнцамі, размаўляючы з калегамі, разумею: сучасныя дзеці не такія, якімі былі іх аднагодкі раней. У нас – рынак, інфармацыйны бум. З гэтым трэба неяк жыць. Трэба быць гатовым перамагаць і прайграваць у канкурэнтнай барацьбе. Таму сёння важна не столькі даць дзіцяці як мага большы багаж ведаў, колькі забяспечыць яго агульнакультурнае, асобаснае і пазнавальнае развіццё, узброіць такім важным уменнем, як уменне вучыцца.

Сучаснага навучэнца вельмі цяжка матываваць да пазнавальнай дзейнасці, да пошуку мэты ў полі інфармацыі і камунікацыі. Адбываецца гэта таму, што дзеці адчуваюць сур’ёзныя цяжкасці ва ўспрыманні вучэбнага матэрыялу па ўсіх школьных прадметах. Прычына гэтага хаваецца ў недастаткова высокім узроўні развіцця мыслення, і перш за ўсё, крытычнага. А гэта вельмі важна для чалавека ў наш час. Зараз школа, як і ўся адукацыя ў цэлым, павярнулася да асобы дзіцяці, стварае неабходныя ўмовы для станаўлення яго як суб’екта.

Д. Халперн у сваёй кнізе “Псіхалогія крытычнага мыслення” кажа, што адукацыя, разлічаная на перспектыву, павінна будавацца на аснове двух непадзельных прынцыпаў: умення хутка арыентавацца ў імгненна растучай плыні інфармацыі і знаходзіць патрэбнае і ўмення асэнсаваць і прымяніць атрыманую інфармацыю. [1,с. 29]

Падрыхтоўка да жыцця ў адкрытым грамадстве патрабуе ад навучэнцаў развіцця такіх важных пазнавальных навыкаў, як уменне выпрацаваць асабістую думку, асэнсаваць вопыт, пабудаваць ланцуг доказаў. Традыцыйна школа знаёміла вучняў з прадуктамі мыслення, гэта значыць давала канкрэтныя веды, якія выражаны ў кнігах, лекцыях, але рэдка дэманстравала працэсы, з дапамогай якіх гэтыя веды былі атрыманы.

Фарміраванне асобы навучэнца як свядомага носьбіта мовы, развіццё яго інтэлектуальных і творчых здольнасцей, выхаванне камунікатыўнай і эстэтычнай культуры з’яўляецца асноўнай мэтай выкладання беларускай мовы і літаратуры ва ўстановах адукацыі. Менавіта таму я імкнуся стварыць на сваіх уроках такую адукацыйную прастору, у якой галоўная роля адводзіцца школьніку.

Маю ўвагу прыцягнула тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. Яна павышае цікавасць да актыўнага і асэнсаванага ўспрымання вучэбнага матэрыялу школьнікамі, развівае здольнасці да самастойнай работы з інфармацыяй любой складанасці. Крытычнае мысленне – мысленне ацэначнае, рэфлексіўнае, адкрытае, якое развіваецца шляхам накладання новай інфармацыі на асабісты жыццёвы вопыт. Я лічу, што тэхналогія развіцця крытычнага мыслення вучыць прадуцыраваць ідэі, вырашаць праблемы, рацыянальна планаваць сваю дзейнасць, дакладна фармуляваць пытанні, не баяцца рабіць памылкі. Яна развівае логіку, адказнасць за свае справы, здольнасць ацэньваць свае веды і дзеянні.

Выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках дапамагае мне рашаць наступныя задачы:

-         павышаць эфектыўнасць успрыняцця інфармацыі;

-         павышаць цікавасць як да матэрыялу, які вывучаецца, так і да самога працэсу навучання;

-         развіваць уменне крытычна мысліць;

-         развіваць уменне адказна адносіцца да асабістай адукацыі;

-         развіваць уменне працаваць разам з іншымі;

-         павышаць якасць адукацыі навучэнцаў;

-         выклікаць жаданне стаць чалавекам, які вучыцца на працягу жыцця

 

1.3.         Мэта вопыту

Павышэнне мысліцельнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай мовы ў 5 класах праз выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

1.4.         Задачы вопыту:

1)    прааналізаваць метадычныя дапаможнікі, літаратуру і публіцыстычныя артыкулы па тэме вопыту;

2)    ахарактарызаваць эфектыўныя метады, прыдатныя для работы з навучэнцамі на розных этапах урока;

3)    стварыць сістэму работы для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў;

4)    распрацаваць і сістэматызаваць дыдактычныя матэрыялы па тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення для выкарыстання на ўроках беларускай мовы.

1.5.         Працягласць работы над вопытам

Работа над вопытам праводзіцца з 2013/2014 навучальнага года да цяперашняга часу і ўключае наступныя этапы:

1)    выяўленне праблемы, фармуліроўка мэты і задач дзейнасці, вывучэнне літаратуры па дадзенай тэме;

2)    знаходжанне найбольш эфектыўных прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення для выкарыстання на ўроках беларускай мовы ў 5-х класах;

3)    распрацоўка і сістэматызацыя матэрыялаў;

4)    карэкцыя матэрыялаў згодна з сучаснымі патрабаваннямі.

 

 

 

 

Апісанне тэхналогіі вопыту

2.1. Вядучая ідэя вопыту

         Абаснаваць, што выкарыстанне тэхналогіі крытычнага мыслення дапамагае навучэнцам актыўна працаваць, свядома разважаць над працэсам навучання, назіраць, пацвярджаць, адмаўляць або пашыраць веды, выказваць новыя ідэі.

2.2. Апісанне сутнасці вопыту

Кожнага педагога хвалюе праблема рэзультатыўнасці яго працы. Імкненне дасягнуць высокіх рэзультатаў у развіцці моўнай, камунікатыўнай і лінгвістычнай кампетэнцый навучэнцаў падштурхнула мяне да творчых пошукаў у працы.

Пазнаёміўшыся з тэхналогіяй развіцця крытычнага мыслення, я ўпэўнілася, што гэта адна з сучасных тэхналогій, здольная рашаць задачы сучаснай адукацыі. Атрыманыя веды дазволілі мне перагледзець метады і прыёмы работы на ўроках беларускай мовы і зразумець, што менавіта тэхналогія развіцця крытычнага мыслення дапаможа мне падрыхтаваць навучэнцаў да выпускных экзаменаў, навучыць дзяцей працаваць з рознымі тэкстамі, арыентавацца ў вялікай плыні інфармацыі.

Крытычнае мысленне – гэта спосаб мысліць крытычна, найвышэйшая арганізацыя мысліцельных функцый, якая заключаецца ў аналізе, сінтэзе, супастаўленні інфармацыі, знаходжанні прычынна-выніковых сувязей, уменні рабіць асабістыя вывады.

Сучасныя даследчыкі ў галіне метадаў развіцця крытычнага мыслення як на Захадзе (Д. Халперн, С. Уолтар і інш.), так і ў Расіі (М. В. Кларын, С. І. Заір-Бек, І .А. Загашаў, І. В. Муштавінская) пад крытычным мысленнем разумеюць сукупнасці якасцей і ўменняў, якія абумоўліваюць высокі ўзровень даследчай культуры навучэнца і выкладчыка. [2]

Тэхналогія “Развіццё крытычнага мыслення” распрацавана ў канцы 20 стагоддзя ў ЗША (Ч. Тэмпл, Д. Сціл, К. Мэрэдзіт). У апошнія гады яна атрымала шырокае распаўсюджанне ў сістэмах агульнай і прафесійнай адукацыі ў 29 краінах свету.

Базавая мадэль тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо складаецца з трох этапаў (стадый): стадыі выкліку, стадыі асэнсавання і стадыі рэфлексіі. Такая структура ўрока, на думку псіхолагаў, адпавядае этапам чалавечага ўспрымання: спачатку трэба настроіцца, успомніць, што табе вядома па гэтай тэме, затым пазнаёміцца з новай інфармацыяй, потым падумаць, для чаго табе спатрэбяцца атрыманыя веды і як ты іх зможаш прымяніць.

Кожная стадыя мае свае мэты і задачы, а таксама набор характэрных прыёмаў, накіраваных спачатку на актывізацыю даследчай, творчай дзейнасці, а потым на асэнсаванне і абагульненне набытых ведаў.

Першая стадыя – выклік, у час якой ставіцца задача не толькі актывізаваць, зацікавіць навучэнцаў, матываваць іх на далейшую працу, але і “выклікаць” веды, якія ў іх ужо ёсць, або стварыць асацыяцыі па пытанні, якое вывучаецца. Другая стадыя – асэнсаванне. На гэтай стадыі ідзе непасрэдная работа з інфармацыяй. Трэцяя стадыя – рэфлексія. На гэтай стадыі інфармацыя аналізуецца, творча перапрацоўваецца. [3,с. 10]

Найбольш эфектыўнымі прыёмамі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, якімі я карыстаюся на ўроках беларускай мовы, з’яўляюцца наступныя: табліца “Ведаю – Хачу даведацца – Даведаўся”, кластар, сінквейн, табліца “Тоўстыя і тонкія пытанні”, ІНСЕРТ, прыём “Ці верыце вы, што…”.

Калі трэба на ўроку сабраць ужо вядомы матэрыял, пашырыць веды па тэме, сістэматызаваць іх, тады выкарыстоўваю табліцу “Ведаю – Хачу даведацца – Даведаўся”. (Дадатак 1)

В – што мы ведаем

Х – што хочам даведацца

Д – пра што даведаліся

 

Праца з табліцай вядзецца на ўсіх трох этапах урока. На стадыі выкліку вучні запісваюць тое, што яны ведаюць або думаюць, што ведаюць па дадзенай тэме. Другая частка табліцы – “Хачу даведацца” – гэта вызначэнне таго, што дзеці хочуць ведаць, абуджэнне цікавасці да новай інфармацыі. На стадыі асэнсавання вучні фарміруюць новыя ўяўленні на аснове ведаў, якія ўжо атрымалі. На стадыі рэфлексіі навучэнцы запаўняюць трэцюю частку табліцы – “Даведаўся”.

Гэты прыём графічнай арганізацыі матэрыялу дапаможа сабраць інфармацыю, якая маецца па тэме, пашырыць і сістэматызаваць веды па пытанні, якое вывучаецца. [4,с.103]

Кластар – універсальны прыём. Ён падыходзіць для любой стадыі ўрока. Слова “кластар” перакладаецца як “прамень, пучок, сузор’е”. Гэта графічная форма ператварае ўрок у цікавую гульню, дапамагае зразумець, што можна сказаць па дадзенай тэме, сістэматызаваць веды, якія ўжо ёсць. [4,с. 28]

У цэнтры запісваецца ключавое паняцце. Побач запісваюцца паняцці, звязаныя з ключавым. Ключавое паняцце злучаецца лініямі або стрэлкамі з усімі паняццямі “другога ўзроўню”. Кластар выкарыстоўваю на ўроку і ў якасці дамашняга задання. (Дадатак 2)

Дзецям вельмі падабаецца складаць сінквейны. Гэты прыём не толькі садзейнічае паляпшэнню эмацыянальнага стану школьнікаў, але і дазваляе настаўніку праверыць, як яны запомнілі важнейшыя паняцці тэмы. [5,с.180]

Сінквейн – верш, які складаецца з пяці радкоў.

1 радок – тэма, якая выражаецца адным словам, звычайна назоўнікам.

2 радок – апісанне тэмы двума словамі, як правіла, прыметнікамі.

3 радок – апісанне дзеяння ў межах тэмы, звычайна дзеясловамі.

4 радок – сказ з чатырох слоў, які выражае адносіны аўтара да тэмы.

5 радок – адно слова – сінонім да першага, якое паўтарае сутнасць тэмы.

Я прапаную навучэнцам складаць сінквейн індывідуальна, у парах або калектыўна. (Дадатак 3)

Табліцу “Тонкія і тоўстыя пытанні” можна выкарыстоўваць на любой з трох стадый урока. Калі мы карыстаемся гэтым прыёмам на стадыі выкліку, то гэта будуць пытанні, на якія навучэнцы хацелі б атрымаць адказы пры вывучэнні тэмы. На стадыі асэнсавання прыём служыць для актыўнай фіксацыі пытанняў у працэсе вывучэння матэрыялу. Падчас рэфлексіі – для дэманстрацыі разумення пройдзенага. “Тонкае” пытанне патрабуе адназначнага кароткага адказу. “Тоўстае” пытанне патрабуе разгорнутага адказу. (Дадатак 4)

Эфектыўным на этапе засваення новай інфармацыі з’яўляецца прыём “ІНСЕРТ” – гукавы аналаг умоўнага англійскага скарачэння, якое абазначае: інтэрактыўная сістэма запісу для эфектыўнага чытання і роздуму. Гэты прыём дазваляе навучэнцам адсочваць уласнае разуменне прачытанага. У час чытання тэксту на палях ставяцца паметкі:

“V” – ужо ведаў;

“+” – новае;

“–” – думаў інакш;

“?” – не зразумеў, ёсць пытанні.

А пасля работы навучэнцам неабходна запоўніць табліцу, дзе значкі будуць загалоўкамі граф. У яе коратка заносяцца звесткі з тэксту. Дадзены прыём патрабуе актыўнага, асэнсаванага і ўдумлівага чытання. Важным этапам з’яўляецца абмеркаванне запісаў, занесеных у табліцу.

Прыём “Ці верыце вы, што…” лепш за ўсё прымяняць на стадыі выкліку, калі адбываецца паўтарэнне вывучанага матэрыялу і падрыхтоўка навучэнцаў да ўспрыняцця новай інфармацыі. На гэтым этапе важна актывізаваць школьнікаў, падрыхтаваць, дапамагчы ім узнавіць у памяці ўсё, што ім вядома па дадзенай тэме. Трэба зацікавіць іх, матываваць. У той жа час, пры дапамозе пытанняў абмяжоўваецца кола пытанняў, якія будуць вывучацца на ўроку. Вучні ўжо ў пачатку заняткаў могуць наглядна ўбачыць, што яны будуць вывучаць, што з гэтага ўжо ведалі, а што з’яўляецца нечаканым, што супярэчыць іх ведам.

На стадыі рэфлексіі настаўнік зноў зачытвае пытанні, і навучэнцы адзначаюць, якія з іх сцверджанняў аказаліся правільнымі, а якія змяніліся на працягу ўрока ў сувязі з новай атрыманай інфармацыяй. (Дадатак 5)

Выкарыстанне пералічаных прыёмаў на ўроках беларускай мовы дапамагае зрабіць адукацыйны працэс больш цікавым, цэласным і цесна звязаным як з інтарэсамі навучэнцаў, так і з рэальным жыццём.

2.3. Рэзультатыўнасць і эфектыўнасць вопыту

Прапанаваныя метады і прыёмы развіцця крытычнага мыслення стымулююць усведамленне навучэнцамі ўласных дзеянняў, дазваляюць вырашаць многія задачы курса беларускай мовы эфектыўна, займальна, прычым у рамках агульнаадукацыйных стандартаў. Метады і прыёмы развіцця крытычнага мыслення дазваляюць:

  • структураваць вучэбны матэрыял, акцэнтаваць увагу навучэнцаў на галоўным;
  • прымяняць паспяхова набытыя веды пры вывучэнні новага матэрыялу, у творчай дзейнасці;
  • дэманстраваць навучэнцам уласную зацікаўленасць, абуджаць іх імкненне да самавыяўлення. [6,с.35]

Выкарыстанне розных прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках беларускай мовы дазволіла павысіць сярэдні бал па прадмеце, навучэнцы з большай цікавасцю сталі працаваць на ўроках. Эфектыўнасць вопыту пацвярджаецца станоўчай дынамікай ступені абучанасці і якасці ведаў навучэнцаў. (Дадатак 6)

Дапамагае гэта тэхналогія і ў падрыхтоўцы навучэнцаў да прадметнай алімпіяды. У 2013/2014 навучальным годзе вучаніца 5 класа Украінская Анастасія заняла 1 месца ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

У 2015/2016 навучальным годзе вучань 5 “Б” класа Еска Аляксей заняў 2 месца ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Пяцікласнікі прымаюць удзел у розных конкурсах. Так у 2016/2017 навучальным годзе вучаніца 5 “А” класа Фешчанка Анастасія заняла 2 месца ў раённым этапе конкурсу літаратурных работ, прысвечанаму 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Для павышэння ўнутранай матывацыі мной распрацаваны сцэнарыі ўрокаў з выкарыстаннем прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. (Дадатак 7)

Да цяжкасцей выкарыстання тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках беларускай мовы ў 5 класе можна аднесці тое, што на асэнсаванне і тлумачэнне новых для навучэнцаў метадаў работы траціцца больш часу, чым пры традыцыйным навучанні. Акрамя таго, бессістэмнае прымяненне тэхналогіі з’яўляецца малаэфектыўным. Аднак прадуманае і сістэматычнае выкарыстанне апісаных метадаў валодае моцным навучальным эфектам.

 

 Заключэнне

Перад кожным педагогам стаіць мэта зрабіць навучанне, з аднаго боку, змястоўным і практычным, а з другога боку, даступным і цікавым. Настаўнік ставіць перад сабой галоўнае пытанне: як зрабіць свае ўрокі займальнымі і ёмістымі ў плане зместу.

Дэвід Клустэр кажа, што пры падрыхтоўцы да заняткаў настаўнік павінен вызначыць кола праблем, якія стаяць перад навучэнцам, а далей, калі дзеці будуць да гэтага гатовы, дапамагчы сфармуляваць гэтыя праблемы самастойна. Дзякуючы крытычнаму мысленню, навучанне з руціннай “шкалярскай” работы ператвараецца ў мэтанакіраваную, змястоўную дзейнасць, у працэсе якой навучэнцы робяць рэальную інтэлектуальную работу і прыходзяць да рашэння рэальных жыццёвых праблем. [7]

Такім чынам, арганічнае ўключэнне работы па тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення ў сістэму школьнай адукацыі дае магчымасць асобаснага росту, бо такая работа звернута перш за ўсё да дзіцяці, да яго індывідуальнасці.

Перспектыва далейшага ўдасканалення дадзенага вопыту заключаецца ў адборы і выкарыстанні самых актуальных метадаў і прыёмаў; уліку асаблівасцей выкарыстання прыёмаў і метадаў развіцця крытычнага мыслення пры розных відах работы ў розных класах; павышэнні педагагічнага майстэрства.

Прадстаўлены вопыт можа выкарыстоўвацца іншымі настаўнікамі. Аднак для таго, каб выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення не было фармальным, трэба кіравацца асноўнымі момантамі, якімі з’яўляюцца:

-         актыўнасць суб’ектаў у адукацыйным працэсе;

-         развіццё навыкаў зносін;

-         ідэя каштоўнасці асобы;

-       суаднясенне зместу вучэбнага працэсу з канкрэтнымі жыццёвымі задачамі, выяўленнем і рашэннем праблем, з якімі дзеці сутыкаюцца ў рэальным жыцці.

Вопытам сваёй працы я дзялілася з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры на паседжаннях як школьнага метадычнага аб’яднання, так і раённага. Свой вопыт я прадстаўляла на раённую выставу па выкарыстанні сучасных педагагічных тэхналогій.

Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”

Мэты: паглыбіць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял па раздзеле “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”; развіваць уменні правільнага вымаўлення гукаў, пісьмовае маўленне; пашыраць слоўнікавы запас; выхоўваць цікавасць да вывучэння роднай мовы, яе багаццяў, культурнай спадчыны.

Задачы: садзейнічаць фарміраванню аналітычных, ацэначных, камунікатыўных і рэфлексійных уменняў вучняў; набыццю моўнай, маўленчай, лінгвістычнай і культурнай кампетэнцый.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, смайлікі, карткі з тэстам.

                                                         Ход урока

  1. Прывітанне.

Дзень добры і сядайце, калі ласка,

Прыйшла сустрэч доўгачаканая пара.

Вас запрашаю на ўрок, нібыта ў казку,

Жадаю шчасця, поспехаў, дабра.

  1. Арганізацыйны момант.

Настаўнік. Паслухайце, калі ласка, верш беларускай паэткі Ніны Аксёнчык.

Зімовы лес –

Крыштальны сад

У звоне промняў заінелых.

Сняжынак свеціцца прагляд

На галінках белых-белых.

Ліецца ціхае святло

Ў ранішнім спакою.

Яно паўнеба абняло

Ласкай незямною.

Настаўнік. Пра што гэты верш? Ці бачылі вы калі-небудзь зімовы лес?

Сёння на ўроку я запрашаю вас на прагулку ў зімовы лес. Але мы з вамі будзем не проста так гуляць. За час нашай прагулкі мы палюбуемся прыродай і паўторым матэрыял, які вы вывучалі на працягу некалькіх урокаў.

  1. Аб’яўленне тэмы і мэт урока.

Настаўнік. З якімі тэмамі вы знаёміліся? Паглядзіце на дошку, на якой запісаны апорныя словы і паспрабуйце сфармуляваць мэты нашага ўрока, чаго мы з вамі павінны дасягнуць.

(Запіс на дошцы: абагульніць, развіваць, умець)

Каб даведацца, з якім настроем мы адпраўляемся ў лес, выберыце на парце смайлік, які адлюстроўвае ваш настрой, і падыміце яго ўверх.

  1. Першае заданне “Тэарэтычнае” (з выкарыстаннем прыёма “Ці верыце вы, што…”).

Настаўнік. Пад невялічкай заснежанай елачкай чакае першае заданне, якое дапаможа выявіць, як добра вы ведаеце правілы. Вы па чарзе зачытваеце сцверджанні і, калі, на вашу думку, яно правільнае, гаворыце: ”Веру”. Калі вы думаеце, што яно няправільнае, кажаце: ”Не веру” і называеце правільны варыянт.

  1. Фанетыкай называецца раздзел навукі аб мове, у якім вывучаюцца літары.(Няправільна – вывучаюцца гукі)
  2. Напісанне слоў не заўсёды адпавядае іх вымаўленню. (Правільна)
  3. У беларускай мове 7 галосных гукаў. (Няправільна – 6)
  4. Звонкімі называюцца зычныя гукі, якія ўтвараюцца з шуму пры ўдзеле голасу. (Правільна)
  5. Гукі [ж] , [ш ], [дж ], [ч ] - шыпячыя. (Правільна)
  6. Гук [й] можа быць цвёрдым і мяккім.(Няправільна – толькі мяккім)
  7. Другое заданне “Паэтычнае”.

Настаўнік. Каб ваша прагулка была карыснай, сваё заданне вам прапануе беластволая бярозка. Паслухайце ўрывак з верша Ніла Гілевіча.

Белыя сыплюцца долу крышталікі,

Белыя крышацца хмаркі ўгары.

Сосны захутаны ў белыя шалікі.

Белая мітусь у белым бары.

Падзяліце словы на склады, пастаўце націскі.

1 варыянт – 1,2 радок.

2 варыянт – 3, 4 радок.

Настаўнік задае дадатковыя пытанні:

  • Як вызначыць, колькі ў слове складоў?
  • Якія галосныя ў беларускай мове пішуцца толькі пад націскам?
  • Змяніце слова белыя так, каб літара е змянілася на я.(Бялець)
  • Як называецца гэта фанетычная з’ява, характэрная для беларускай мовы? (яканне)
  1. Трэцяе заданне “Загадкавае”.

Настаўнік. Далей сваё заданне вам прапануе доўгажыхар беларускіх лясоў – дуб. Ён вельмі мудры і таму хоча, каб вы адгадалі яго загадкі.

  1. Ляцяць птушкі без крылаў, а сядаюць без ног.   (Сняжынкі)

Заданне. Выпішыце слова, у якім колькасць літар і гукаў не супадае.

(Ляцяць – ь гука не абазначае)

  1. Зімой грэе, вясной тлее, улетку памірае, увосень аджывае.   (Снег)

Заданне. Выпішыце словы, у якіх літара е абазначае 2 гукі.

(Грэе, тлее, памірае, аджывае)

-         Які гук абазначае літара г у слове снег?

  1. На вадзе родзіцца, а вады баіцца.     (Лёд)

Заданне. Зрабіце фанетычны разбор слова лёд.

                                                   Фізкультмінутка

  1. Чацвёртае заданне “Узнаві верш”.

Настаўнік. Працягваем нашу прагулку далей. Наступнай вас выпрабоўваць будзе заснежаная сасонка. Вам прапануецца верш, запісаны ў транскрыпцыі. Вы павінны яго ўзнавіць. (Вучні працуюць у парах)

[Н’э аччувай’э л’эс з’амл’і –

З’імой’у л’эс бл’іжэй’ да н’эба.

С’п’авай’уц’ б’элый’а чм’ал’і

Ап тым, што кв’этак ім н’а трэба.]

 

Не адчувае лес зямлі –

Зімою лес бліжэй да неба.

Спяваюць белыя чмялі

Аб тым, што кветак ім не трэба.

Настаўнік. Аўтар гэтага верша Аляксей Пысін – наш зямляк, нарадзіўся ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці.

  1. Пятае заданне “Прывітанне ад лесу”.

Настаўнік. Нам лес перадаў сваё прывітанне. Давайце паглядзім на яго. (На дошцы прымацавана папяровая сняжынка). Тут нейкі верш. Прачытайце яго. Ён вам нічога не нагадвае?

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Назавіце аўтара верша і яго назву (М.Багдановіч “Зімой”). Якую падзею адзначалі ў нашай краіне ў гэтым годзе, звязаную з імем гэтага паэта? (125-годдзе з дня нараджэння).

Заданне. Выпішыце словы з зацвярдзелымі зычнымі.   (Мары, бярозы, начной, зоркі, марозу, пахаладзеўшыя, дрыжаць)

Якія яшчэ зацвярдзелыя зычныя не былі названы? (дж, ц)

  1. Шостае заданне “Перакінь мосцік”.

Настаўнік. Мы ідзём далей. Уявіце сабе, што на нашым шляху сустрэлася невялікая перашкода – роў. Каб яго перайсці, трэба перакінуць мосцік. Мосцік – гэта вашы веды. Падумайце і адкажыце, для чаго вам можа спатрэбіцца веданне гукаў і іх правільнага вымаўлення пры вывучэнні наступных тэм? (Адказы навучэнцаў)

Малайцы, мосцік пабудаваны, і можна працягваць прагулку далей.

  1. Сёмае заданне “Творчае”.

Настаўнік. Як вы ўмееце фантазіраваць, вырашыла праверыць асінка. Яна прапануе сваё заданне. Вы бачыце рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў (па 1 карціне на кожны рад). Па сваёй карціне вы павінны скласці міні-тэкст. Спачатку працуеце індывідуальна, кожны ў сваім сшытку, складаеце 1-2 сказы. Потым аб’ядноўваецеся ў пары і з 2 работ робіце 1, 3-4 сказы. Пасля гэтага вы працуеце па 4 чалавекі і са сваіх 2 тэкстаў робіце 1, не больш 6 сказаў.

(Праверка па 1 групе з кожнага рада)

  1. Восьмае заданне “Тэставае”.

Настаўнік. Наша прагулка падыходзіць да завяршэння. Перш чым выйсці з нашага зімовага лесу, трэба праверыць, з якімі ведамі вы яго пакідаеце. Для гэтага выканайце невялікі тэст.

1)    Адзначце рады, у якіх ва ўсіх словах націск падае на другі склад.

а) квартал, вусы, абрус;

б) сівы, аб’інець, цагліна;

в) алфавіт, дэфіс, арахіс;

г) індустрыя, камбайнер, абраз;

д) каменны, кулінарыя, кішэнь.

2)    Адзначце словы з зацвярдзелымі зычнымі.

а) каханне,                   в) восем,                           д) чараўнік.

б) спісаць,                     г) нараджэнне,

3)    Адзначце слова, у якім усе зычныя глухія.

а) ушасцёх,                     в) кітаец,                     д) пераезд.

б) шчаўе,                       г) вакзал,

4)    Адзначце словы, у якіх гукаў больш, чым літар.

а) егіпецкі,                            в) ёсць,                           д) ячмень.

б) авіяцыя,                             г) п’еса,

Вучні абменьваюцца тэстамі і правяраюць іх па дадзеным ключы.

 

Адказы.

1)    Б, г.

2)    Г, д.

3)    А.

4)    А, б, г.

  1. Рэфлексія.

Складанне сінквейна са словам зіма.

                           Зіма

             Іскрыстая, прыгожая

       Марозіць, зачароўвае, вабіць

Захапляе сваёй іскрыстай прыгажосцю

                       Радасць

 

  1. Дамашняе заданне.

Складзіце невялікі тэкст “За што я люблю зіму”.

 

  1. Падвядзенне вынікаў, выстаўленне адзнак.

Настаўнік. Спадзяюся прагулка вам спадабалася і давайце паглядзім, з якім настроем вы пойдзеце з урока. (Вучні падымаюць смайлікі)

Выстаўленне адзнак.